Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

27.02.2021

Абудзіць цікавасць да народных традыцый у сценах школы

       У другой гарадской школе г.Жабінкі навучальны тыдзень быў прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы і Году народнага адзінства. Кожны дзень хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі сюрпрызы і тэматычныя  праграмы. Правядзенне такіх мерапрыемстваў у сценах школы спрыяюць развіццю цікавасці да традыцый роднага народа, пачуцця гонару за родны край, павагі да працы народных умельцаў.

    Пачаўся Тыдзень роднай мовы з адкрыцця выставы “З бабулінага куфэрка”. Рушнікі, сурвэткі, абрусы, бялізну, даматканыя посцілкі і коўдры сваіх бабуль і прабабуль прадаставілі педагогі Таццяна Ярмаловіч, Марына Пакала, Дзіна Амелянчук, Надзея Падрубная, Алена Ануфрыюк, Таццяна Кныш, Ірына Медзвядзюк, Людміла Мацкевіч.

     Кожны экспанат перадае характэрныя асаблівасці рамесленых традыцый. Выкананыя  ўручную, па тэхналогіям продкаў – неад’емная частка нацыянальнай культуры. Цікава, што ў далёкія 1930-ыя гады ў беларускіх вёсках кожная нявеста мела пасаг, большасць з іх – рушнікі. Іх дзяўчаткі выраблялі ўручную. Сучасныя нявесты здзівяцца – колькасць рушнікоў у бабуліных куфэрках было больш паўсотні! І гэта не мяжа – бо выкарыстоўваліся яны ва ўсіх выпадках, як у святы, так і ў будні. Вельмі шкада, што большасць традыцый, звязаных з імі, страчаны. Радуе, што экспанаты, размешчанныя на выставе, перадаюцца з пакалення ў пакаленне нашых педагогаў.

     Тэму рушнікоў прадоўжыў нацыянальны касцюм, бо ён з’яўляецца адным з сімвалаў радавой прыналежнасці любога народа. Менавіта ён убірае ў сябе традыцыі, лад жыцця і нават характар чалавека. Пра гісторыю беларускага нацыянальнага касцюма сваім выхаванцам групы падоўжанага дня распавяла Дзіна  Амелянчук. Беларусь у сілу свайго геаграфічнага становішча ў розны час трапляла пад уплыў розных дзяржаў: Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы. Адсюль і такая вялікая разнастайнасць нацыянальных касцюмаў. Падрабязна спынілася Дзіна Рыгораўна менавіта на касцюме нашага Кобрынскага строю, у якім была сама педагог.

     

У сваю чаргу выхавальнік групы падоўжанага дня Святлана Саўчук  знаёміла дзяцей з беларускай нацыянальнай лялькай. Вырабляючы ляльку-закрутку, выхавальнік распавяла і пра гісторыю такіх лялек. Рукатворныя лялькі на працягу стагоддзяў суправаджалі побыт нашых продкаў. Яны беражліва захоўваліся ў куфрах і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Малым дзеткам лялек рабілі мамы, старэйшыя сёстры, бабулі, але пры ўсёй неверагоднай занятасці яны знаходзілі для гэтага час. Дзіця спецыяльна навучалі традыцыйным прыёмам вырабу, і гадоў з пяці найпростую ляльку магла зрабіць любая дзяўчынка. Галоўная асаблівасць ў тым, што зроблена без іголкі і без аблічча. Для дзіцяці лялька была цацкай-сяброўкай і абярэгам адначасова, таму калоць яе іголкай забаранялася, а рабіць твар па народных павер'ях нельга, бо такая цацка можа здабыць душу і стаць небяспечнай. А “без аблічча” лялька лічыцца прадметам неадушаўлёным і не можа нашкодзіць дзіцяці.

      Настаўнiк працоўнага навучання Iнна Булай у Тыдзень роднай мовы арганiзавала i правяла майстар-клас па вышыванцы. Кожны жадаючы змог зрабiць сабе маленькi  сувенiр з беларускiм арнаментам.  А хлопчыкі і дзяўчынкі з  IVА падчас ўроку “Чалавек i свет” змайстравалі уласныя  “Слуцкiя паясы". Атрымалася надзвычай цікава і арыгінальна!

       Школьны музейны пакой “Беларуская хата”  наведвалі вучнi як пачатковых классаў, так і старэйшых,  пазнаёмiлiся з бытам нашых продкаў. У ролі экскурсаводаў былі Кацярына Максімчук и Сафія Капусціна, вучаніцы XI класа.

      Тут жа у сераду адбыўся конкурс юных чытальнікаў “Матчына мова” (сярод 32 вучняў I-V класаў). Хваляванне  чытальнікаў было відавочным. Члены журы (настаўнiкii старэйшыя вучнi)  уважліва іх слухалі, сачылі за артыстызмам выканання. Прыемна, што конкурс аказаўся самым сапраўдным святам. Адчувалася, што  ўсе добра падрыхтаваліся, выбралі цудоўныя творы, паказалі, што любяць і ведаюць беларускую мову, прапусцілі праз сябе тыя вершы, якія вывучылі і цудоўна прадэкламавалі. Пераможцамі конкурсу чытальнікаў сталі: Анастасія Трацэвіч з I А, Назар Макаед з II Б, Ксенія Кірыльчук з   II А, Злата Сысоева і Анастасія Ярмашук з III А, Сакалоўская Аляксандра з III Б, Вікторыя Кіслая з IVА. Таксама добра дэкламавалі вершы беларускіх аўтараў юныя чытальнікі Андрэй Чарняк і Сафія Прыютоўская з  I А, Паліна Барацян з II А, Уладзіслаў Супрунюк з II Б, Арцём Піваварук з V Б.

     Спадабаўся навучэнцам чэлендж “Гавары са мной па-беларуску”, які праводзiлiна працягу тыдня педагог-арганiзатар Вольга Кафанава i вучанiца VIII Б класа Ганна Папковiч.    

      Вучнi  школы прынялi ўдзел у напiсаннi Адзiнага дыктанта “Дзiўная родная мова”. Першы сакратар раённага камiтэта  ГА “БРСМ” Кацярына Андрасюк уручыла сувенiры i  Дыпломы самым уважлiвым вучням IX-XI класаў: Анастасii Нябогавай, Арцёму Вайцахоўскаму, Максiму Элькснiну, Дар'і Мешчанчук, Сафiі Калiшук.  Таксама ў школе для старшакласнікаў ладзілася інтэлектуальная прававая гульня “QUIZ-Канстытуцыя”, арганізаваная пры падтрымцы Жабінкаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ”.  Да таго ж у рамках адзінага дня інфармавання “ШАГ” пад адзінай тэмай “У адзінстве народа-сіла незалежнай дзяржавы” адбыўся адкрыты дыялог навучэнцаў VIII-XI класаў з першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Андрасюк.

      Праходзіла ў школе і выстава “Родная мова ў малюнках”. Самымі актыўнымі былі вучні I А класа і группы падоўжанага дня (выхавальнік Святлана Саўчук).

      Бібліятэкар Раіса Крупко аформіла кніжную выставу“Скарбы беларускай мовы”, праводзіла бібліятэчныя ўрокі “Казкі маёй краіны”.

     У пятніцу прайшоў Фестываль беларускай кухні. Навучэнцы і іх бацькі, работнікі школы падрыхтаваліся да яго грунтоўна. Кожны клас і калектыў школы прадставіў свой стол, які ламіўся ад смакаты. Чаго толькі тут не было - бульба ў розных яе варыяцыях: бабка, дранікі, белыя бліны, мачанка, зажарка, каўбасы, творожнікі... Не абышлося і без салодкай выпечкі, пірагоў і беларускага квасу. Кулінары частавалі адзін аднаго сваімі творамі і абменьваліся рэцэптамі (дарэчы, увойдуць у школьную кнігу страў “Бабуліна кухня”). Самымі актыўнымі ў падрыхтоўцы да фестывалю беларускай кухні сталі вучні і іх бацькі першага, другога, пятага “А”, другога, чацвёртага, восьмага “Б” класаў і настаўнікі.

    Увесь тыдзень дзеці хадзілі ў вышыванках і зрабілі на памяць здымкі ў тэматычнай фотазоне.

  …Тыдзень роднай мовы завяршыўся. Думаецца, ён запомніцца нашым хлопчыкам і дзяўчынкам, іх бацькам, педагогам. Дзеці, пэўна, будуць паважліва ставіцца да традыцый, культуры беларускага народа, з цікавасцю пачнуць адносіцца да традыцый беларускай кухні. Такое мерапрыемства стане традыцыйным у нашай школе.